Ёв, разьдзел 30
 
- А сёньня сьмяюцца зь мяне і малодшыя за мяне гадамі, тыя, чыіх бацькоў я не згадзіўся б пасадзіць разам з сабакамі статкаў маіх.
 - І сіла рук іхніх навошта мне? Над імі ўжо прайшоў час.
 - Беднасьцю і голадам змораныя, яны ўцякаюць у стэп бязводны, змрочны і апусьцелы;
 - скубуць зеляніну каля кустоў, і ягады ядлоўцавыя — хлеб іхні.
 - З суполкі выганяюць іх, крычаць на іх, як на злодзеяў,
 - каб жылі яны ў калдобінах патокаў, у цясьнінах зямлі і скалаў.
 - Равуць паміж кустамі, ціснуцца пад цернем.
 - Людзі адкінутыя, людзі бязь імя, адкіды зямлі!
 - Я і зрабіўся цяпер іхняй і ежаю іхняй гутаркі.
 - Яны грэбуюць мною, аддаляюцца ад мяне і не перастаюць пляваць перад абліччам маім.
 - Як што Ён разьвязаў повад мой і пабіў мяне, дык яны скінулі зь сябе кілзы перад абліччам маім.
 - З правага боку ўстае гэты вылюдак, зьбівае мяне з ног, кіруе свае пагібельныя шляхі да мяне.
 - А маю сьцежку сапсавалі: усё пасьпеплі зрабіць дзеля маёй пагібелі, ня маючы памочніка.
 - Яны прыйшлі да мяне, як праз шырокую праломіну; з шумам кінуліся на мяне.
 - Жахі памкнуліся на мяне; як вецер, разьвеялася веліч мая, і шчасьце маё адляцела, як воблака.
 - І сёньня выліваецца душа мая; дні смутку агарнулі мяне.
 - Уначы ныюць ува мне косьці мае; дні смутку агарнулі мяне.
 - Вельмі цяжка здымаецца зь мяне вопратка мая; краі хітона ціснуць мяне.
 - Ён кінуў мяне ў бруд, і я зрабіўся, як пыл і попел.
 - Я заклікаю Цябе, і Ты ня слухаеш мяне, — стаю, а Ты толькі глядзіш на мяне.
 - Ты зрабіўся жорсткім да мяне, моцнаю рукою варагуеш супроць мяне.
 - Ты падняў мяне і прымусіў мяне насіцца па ветры і ламаеш мяне.
 - Так, я ведаю, што Ты прывядзеш мяне да сьмерці і ў дом збору ўсіх, што жывуць.
 - Правільна, Ён не працягне рукі Сваёй над домам касьцей: ці будуць яны крычаць пры сваім разбурэньні?
 - Ці ня плакаў я па тым, хто быў у горы; ці ня журылася душа мая па бедных?
 - Калі я чакаў дабра, прыйшло зло; калі я чакаў сьвятла, прыйшла цемра.
 - Мае вантробы кіпяць і не перастаюць; сустрэлі мяне дні смутку.
 - Я хаджу пачарнелы, але не ад сонца; устаю на сходзе і крычу.
 - Я зрабіўся братам шакалам і сябрам страўсам.
 - Мая скура пачарнела на мне, і косьці мае абгарэлі ад сьпёкі.
 - І цытра мая зрабілася панылаю, а жалейка мая — голасам сьлёзным.
  
 
 
 | 
 Выбор перевода и языка
  
 |